ЗЯЛЁНАЯ РАДАСЦЬ


Над нізкімі, светлапафарбаванымі штыкетамі, над гарачай пясчанай сцежкай з аднаго боку плота i над багатымі градамі — з другога, клён i рабіна злучылі лістоту. Па-чэрвеньску маладую, пяшчотную.

Так i музыка нараджаецца, i паэзія — ад такое пяшчотнасці.

"Рэмінісцэнцыя — цьмяны ўспамін, з'ява, якая наводзіць на супастаўленне з чым-небудзь, міжвольны водгук чужога, блізкага".

Не за пісьмовым сталом ды не з вучоным даведнікам, а на вясковай вуліцы, у падарожжы, дзе шчасце бясконцых адкрыццяў перакрывае штодзённую стому, успомнілася сказанае другім. З цудоўнай далечыні юнацтва, праз нягоды i поспехі дзесяцігоддзяў прыйшлі яны, пранізаліся словы:

Капае з неба зялёная радасць,

З месца ціха на росныя грады...

Маладая, хмельная сіла паэзіі, калі слова шукае выхаду з глыбіняў пачуцця i знаходзіць яго — у намёках.

Аўтар гэтых радкоў, Максім Танк, значна пазней, сталай рукой паправіў маладое так:

Капае з месяца весняя радасць,

Будзіць зялёны шум ў палісадах...

Не ведаю, ці гэта лепш...

Мне даражэй за ўсё адно — тая свежасць успрымання красы, свежасць, што паўтараецца i ў маёй душы, так нечакана i востра, ад першага, даўняга прачытання тое "зялёнае радасці".

Паўтарылася там, у міжлясной, каляазёрнай, тройчы спаленай ворагам i зноў уваскрэслай партызанскай вёсцы на Віцебшчыне.

Паўтарылася сёння, ужо як летні ўспамін — зімою. Такою простай i такою неразгаданай пяшчотнасцю кляновай i рабінавай лістоты, яшчэ ненапісанай музыкай i намёкам паэтычнага слова.

Хоць бы ж яна, зялёная радасць, не пакідала нас як найдаўжэй!..

Загрузка...