БІРАБІДЖАН


Пасля купання ў маляўнічай, раскошнай Біры, за якою, пад самымі спякотна-зялёнымі сопкамі, здорава адгукаецца рэха, мы паехалі ў піянерскі лагер.

Акунуліся ў цудоўны свет усюды любых — куды там кветкі! — дзяцей. Выступалі перад імі. I зноў шкадаваў, што не пішу, што так мала пісаў для малых. Хадзілі лугам да возера, дзе мноства абшарпаных хлопчыкаў i акуратных дзяўчатак наперабой даставалі нам з вады, на ўспамін, калючыя вадзяныя арэхі i ракушкі.

Пацешная наіўнасць!.. Хлапчук, які сядзеў побач ca мной, пакуль мы выступалі, усё абмацваў мяне сваёй увагай, як чужаземца, i нарэшце не вытрымаў, спытаўся шэптам:

— Дядя, а цифры на ваших часах — белорусские?..

Далека ўсё-такі з нашага Усходу на Захад!

Потым абедалі ў лагернай сталоўцы, елі гарачы флоцкі боршч, рысавую кашу з качкай, пілі кампот. Гарачыня, гасцінна вялізныя пор: цыі. Я прасіўся ў дзяжурнага, што не з'ем. І ён — "любімец усяго лагера", маленькі, рабенькі Фімка ў белым фартушку — паблажліва, сур'ёзна паляпваў мяне па плячы i падбадзёрваў:

— Ешьте, ешьте, дядя, ничего!..

Здымаліся з дзецьмі.

І Фімка Месамед, пры ўсёй сваёй сур'ёзнасці, не пярэчыў, калі я, пад агульны смех адабрэння, узяў яго, гаспадара,— "Я перёшел в четвёртый класс" — на рукі.

Загрузка...