СІМВАЛ


У Находцы, аглядаючы порт, суднарамонтны завод i горад, я адчуваў яшчэ раз — да захаплення выразна, маштабна — магутнасць роднай краіны.

Была пасля багатая прыгажосць нашых двухсот кіламетраў — паміж зелянінаю сопак, на арліных перавалах, у далінах, прастрэленых вячэрнім сонцам.

Быў шум у паўцемры — шумела Японскае мора.

Была цішыня — у тайзе, калі мы спыняліся i ўражана глядзелі на бясконцыя побліскі ў цемры казачных светлячкоў...

А я вось, прачнуўшыся ў нумары ўладзівастоцкай гасцініцы, успомніў — як найлепшае з усяго, перажытага ўчора, — смяшлівага, замурзанага, босага хлопчыка-карэйца, што ў вёсцы, дзе мы спыняліся, разам з рускімі сябрукамі гуляў у "хавачкі". I рагатаў сардэчна, i сарамліва маўчаў, i вельмі ж смешна яму было, ну проста не стрываць, калі адказваў на мае пытанні...

Чаму — падумалася цяпер — за сімвал міру ўзяты голуб, а не дзіця? Замурзанае, рассмяянае дзіця!..

Загрузка...