Пажылая санаторная медсястра, што мо-, лада, дабрадушна смяецца, расказвала ўчора, як яна ў вайну, дзяўчом, крала ад іхняй каровы траву i карміла салдацкага каня, што паваліўся, зняможаны, за апошнім домікам ix ускраіннай вуліцы, калі нашы адступалі ў горы.
Спачатку конь еў лежачы, а потым дзяўчынка прыйшла i радасна здзівілася, што ён устаў i жуе ўжо стоячы. А на наступны дзень ён пайшоў следам за ёю, хоць i не клікала, да ix дахаты. І маці тады, нарэшце, даведалася, куды яе малая ўсё бегала i не прызнавалася, колькі ў яе не пытайся.
— A немцаў тут, у Сочы, не было. Толькі бой быў у гарах i потым па рацэ плылі трупы. Нашы i іхнія...
Пасля таго каня забралі чырвонаармейцы, ужо наступаючы. І яна, малая, так плакала, што камандзір сказаў: "Не рад, што i бяру яго!.."
Ужо тым часам цешча i бабуля, а кажа, што каня, відаць, забілі, бо каб жывы застаўся, дык прыбег бы да яе.
І гэтая яе "дзіцячасць" добра спалучаецца з вясёлым, чыстым смехам.
А жылося нялёгка, пакінутай мужам, з двойкай малых дзяцей.
1978