Толькі што адшумела навальніца, i па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.
Я стаю каля варот бацькоўскага двара, i мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіцв нагамі цёплую, пухкую гразь...
Мяркуючы па тым, што я яшчэ не зрабіў гэтага, a толькі раздумваю — я ўжо даўно не малы. Ды я не адчуваю чамусьці ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны: я проста рад, можа, нават не менш, чым рады бываюць у такі час малыя.
На захадзе з-за хмар выглянула сонца.
З узгорку ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі i чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяцішасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом.
Бычок ідзе паволі, нават салідна, упарта i горда несучы наперад свой шырокі пародзісты лоб з тупымі шэрымі рожкамі.
Дзяўчынка сядзіць на бычку не так, як хлопцы, а бокам, спіной да мяне, нібы знарок схаваўшы свой твар, напэўна, шчасліва i смешна сур'ёзны, свае, вядома ж, загарэлыя ножкі.
Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, i на мелкай гразі, нядаўна затупанай слядамі каровіных капытоў, на гаманлівай вадзе i на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. Калі бычок са сваёй амазонкай уваходзіць у гэты цень, па ix гуляюць сонечныя зайчыкі.
На ўсходзе, куды накіравалася, яшчэ не ўсё аддаўшы, цёмна-сіняя хмара, красуецца вясёлка. Пад вялізную арку яе ідзе вясковая вуліца, а па вуліцы, нібы ў краіну казачнай радасці, едзе светлагаловая дзяўчвінка, гулліва пастукваючы пятамі па баку свайго верхавіка.
Трохі воддаль за імі ідзе, таксама босы, бацька дзяўчынкі. Ідзе i ўсміхаецца, бо думае, відаць, што дзіця — заўсёды дзіця, заўседы радасць, ці хлопец гэта, ці дзеўка.
Але дзяўчынка тым часам праехала міма мяне i там, дзе шумлівы, пеністы раўчук ад плота разліўся на сярэдзіну вуліцы, пачала раптам з'язджаць з хрыбта свайго бычка i, пакуль я сабраўся бегчы ёй на дапамогу, з'ехала i шлёпнулася, села ў мелкую ваду!..
Пакуль мы з бацькам малое падбеглі туды, паспела адбыцца самае цікавае, самае вясёлае ў гэтай гісторыі.
Белы бычок прыгнуў лабастую галаву, наблізіў вільготную казытлівую пысу да твару свае сяброўкі i панюхаў яго, a дзяўчынка працягнула загарэлыя рукі, узялася за рогі бычка, адкінула назад светлавалосую галаву і, смеючыся, устала.
— Ой, татачка! — гаварыла яна i, не могучы дакончыць, звонка смяялася i паўтарала:— Ой, татачка! Ой!
І мы смяяліся ўтраіх,— так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і... прачнуўся.
1956