У ІНШАЙ ГІСТОРЫІ


Раніца ў гарыстым, мокрым, замглёным Крамянцы.

У прасветлінах халоднай імглы — руіны замка. Высока! Вялікі, белы надпіс на спрадвечнай каменнай сцяне: "Миру — мир!" А на адкосе — баба з каровай. Над хмарамі. Відаць, тая, якую пусцілі ў рай, а яна i Красулю туды прывяла.

Дом Славацкага. Былы крамянецкі ліцэй, асвячоны імем паэта. Куток Славацкага ў гарадскім музеі.

З гэтай літаратурнай, для нас, "заходнікаў", з маленства высокай i звонкай гісторыі, мы выехалі пад дажджом у маляўнічыя палі з вялікімі, ужо тым часам падкарпацкімі ўзгоркамі, што нагадалі мне сопкі Далёкага Усходу. Абапал асфальту — не толькі дрэвы, але i мальвы — радасным i бясконцым цвіценнем. Да самага Пачаева, пакуль мы не апынуліся ў іншай, пасля крамянецкай, гісторыі.

Раскошна-велічная шатровая Візантыя. Зноў здзіўляюся, як яны ўмелі, папы ды ксяндзы, выбіраць прыгожыя мясціны для сваіх апорных пунктаў. Зверху відзён увесь свет — нібы з анёльскага палёту. I залатыя купалы над зелянінай багатых дрэў — таксама на дзіва — відаць вельмі здалёк.

У адным з манастырскіх будынкаў бальніца для псіхічнахворых. Паміж гэтай бальніцы i адкрытай царквой бойкая маладзіца, відаць, з царкоўнага актыву, апаражняе торбы i чамаданы з "приношениями". З асцярогай, з аглядкай. Нам сказала, што гэта — перадачы ў бальніцу.

У царкве поўна народу. Служыцца малебен. Сівы папок так акружаны бабамі, што ледзь я знайшоў яго вачыма. Мармыча над святой вадой, налівае яе з бутэлькі, як крамнік газу, толькі што без лейкі. Бабы спяваюць штосьці бясконца нуднае, як негрыцянскія песні на плантацыях,— так я даўно i, відаць, назаўсёды ўяўляю тыя песні па "Хаціне дзядзькі Тома".

У дажджавіках, з фотаапаратамі ў футлярах, мы ціха снавалі па велікапышнай царкве, аглядаючы яе мастацкія вартасці. Ікона "Пачаеўскай багародзіцы" блішчыць у іканастасе невялікай зоркай. Заўральская цётка, што прыехала сюды шукаць дапамогі ці то ад фізічнай, ці то ад душэўнай кволасці, пачала нам з наіўнай прыязнасцю тлумачыць, дзе які святы i чым ён вызначыўся перад Богам...

Бабка з бяззубай, злоснай зорачкай замест рота, з поўнымі веры вачыма — не вытрывала:

— Што, начальнічкі, думаеце, на вас i ўправы ніякай не будзе? Бог усё бачыць!..

Другая бабка, больш ліберальная, пачала нас браць за душу перакананнем:

— Таксама тут вось, як i вы, адзін маёр хадзіў, на іконы святыя глядзеў. Тоўсты такі, гладкі. А потым гэта з яго, з сярэдзіны, як зараўло, як завыла. Сіла нячыстая! Бес!

Смешна?.. A ўсё ж чагосці людзям не хапае, калі яны ідуць ды едуць сюды блізкі свет?.. I не толькі старыя.

1965

Загрузка...