У размножаным на ратапрынце пацешна "рускім" апісанні Гамбурга, якое нам, туристам, прыязна раздал i мясцовыя актывісты камітэта абароны міру, пра гэтую частку горада сказана так:
"Реепербан — "Хребет" много воспетого района, увеселения Святога Павла, "пристань радости", "святой распущенный". Развлекательный док для матросов всякого цвета кожи. Сотни ресторанов — с китайского подвала до баварского пивного дворца. Они предлагают разнейшие заманивания, не только для нёба..."
Мы, чатыры мужчыны, зайшлі туды ясным чэрвеньскім адвячоркам.
Калі адкрытая, яркая шчодрасць вулічных рэклам з красунямі ў розных позах, калі таямнічасць зусім неабмежаваных у сваёй "свабодзе" кінатэатрыкаў яшчэ абуджаюць міжвольнае хваляванне, дык у завулках, куды ўваход дазволены толькі мужчынам ад шаснаццаці гадоў,— прыходзяць адчуванні іншыя.
Недаўменне: няўжо гэта ява? I агіда, пануры цяжар на душы.
У першым завулку, крыху багацейшым, не вельмі шмат людным, на нізкіх падаконніках адчыненых вялікіх вокан сядзеў жывы тавар. Пакурваючы, перагаворваючыся, жанчыны гэтыя рэкламавалі сваю галізну неназойліва, з нейкай як быццам упэўненасцю ў сваім значэнні i неабходнасці. Нават нейкае адчуванне ўласнай годнасці, ці што. Гэта пачулася мне ў абражаным выкрыку адной з ix на турыста, на жываце ў якога вісеў фотаапарат у незашпіленым футарале: "Max цу!" — зашпілі.
У другім завулку, вузкім, цёмным, а потым яшчэ i крытым, i значна шырэйшым, падобным на брудны падземны гараж, голыя жанчыны стаялі кожная каля свае кабіны. Густа валэндаўся п'яны збой мужчын, чуўся крык, рогат, лаянка. Яны ж стаялі моўчкі, нерухома. Памалу ираходзячы каля ix, я прыглядаўся, наколькі гэта прыстойна было, да вачэй, да выразу твараў гэтых... усё ж такі не манекенаў.
Абыякавасць, стома, як у салдатаў на варце, адсутнасць хоць бы якой сарамлівасці ці какецтва, у некаторых нават прыкметны цынізм.
Голыя целы жанчын — у такой масавасці, у такім здзеку, сярод натоўпу апранутых мужчын — гэта балюча напомніла мне архіўныя фотаздымкі гітлераўскіх карнікаў: чэргі жанчын, распранутых перад расстрэлам...
А побач з гэтым, на вуліцах светлых, у нахабстве рэклам салідна шпацыруюць бюргерскія пары, часта з малымі ўнукамі; на ганку сексмагазіна забаўляюцца дзеці гэтых прагрэсіўных крамнікаў; у неба ўздымаецца велькапышная кірха...
Гучыць вячэрні звон. На малітву.
На захадзе сонца цудоўнае неба.
За дамамі, на бруднай Эльбе, бялеецца наш цеплаход.
I сум... І жаданне на ўсю глыбіню зразумець, што ж яно ў чалавечым жыцці да чаго...
1973