На сустрэчы з выдатным артыстам яму задалі i такое пытанне:
"Ці адчуваеце вы цяжар сваёй вядомасці?!
Артыст усміхнуўся, нават узяўся рукой за галаву, нібы з жаданнем заклапочана чухнуцца, тады яшчэ шырэй усміхнуўся i расказаў пра адзін тэлефонны званок.
Званок быў, вядома, не першы i не апошні, аднак вельмі позні. Hi днём, ні ноччу спакою няма!.. Артыст празаічна вылез з-пад коўдры i, штосьці адпаведнае мармычучы, падышоў да тэлефона.
"Міжгорад? Хто? Ну, Miшa, ну i што?.. А, гэта ты, Сяргей! Ну, што там у цябе?"
Тут наш славуты госць зусім натуральна выявіў на твары тую самую начную радасць. Аказваецца, у яго нічога не прасілі, нікуды не выклікалі, не запрашалі, ніяк не хвалілі! Той Сяргей, апынуўшыся ў далёкай камандзіроўцы, добра такі там засумаваў, i вось яму захацелася проста пачуць жывы сяброўскі голас.
Як гэта добра — проста сяброўскі голас!
Адзін званок, даволі позні, не так мяне ўзлаваў, як спачатку вельмі здзівіў.
Сябар з вайны, слаўны хлапчына, з якім мы сустракаемся вельмі рэдка, a пішам адзін аднаму толькі пад Новы год, паштовачку, раптам звоніць па міжгароднім, з далёкага райцэнтра, ноччу... Здароў! Здароў!.. Нешта ж павінна быць вельмі пільнае: ці ў Мінск, "да добрага доктара", трэба самому або камусьці з блізкіх, ці паступаць вучыцца нехта збіраецца, ці перавесці каго з адной работы на іншую, ці стаць якой сваячцы на чаргу з кватэрай... Пакуль што — нічога падобнага. Пытаецца, як жыву. Расказвае, як жывв. Даволі весела, зусім няспешна.
"Во размахнуўся,— думаю.— Рублёў на пяць напрастарэкуе. А то i на дзесяткі ўжо дабіраецца..."
A ў яго тым часам i яшчэ пытанне:
— А як табе, браце, падабаецца міжнароднае становішча? Га? От дзе паршыўцы!..
І так далей. Ледзь не з поўнай свабодай. Глядзі, што вось-вось i да ўнутранага пяройдзе. Цуд дый годзе. А потым, нарэшце, разгадка. І радасць. Во звоніць ён — проста так сабе.
— І я ўжо, браце, на пенсіі. Не будаўнік. Дома сядзець не захацелася, бо што ты выседзіш. Адна таска заесць. Вартаўніком цяпер у нашай канторы дзяржбанка. Дзяжуру сёння. Сяджу сабе i думаю: дай пазваню. Тэлефон на стале. Па справачнай мне нумар твой далі. Ахвота словам перакінуцца.
Ахвота, браце, а як жа. Дзякуй, што па: званіў! Хоць раз за трыццаць дзевяць гадоў. І яшчэ калі пазвані. Бо тэлефон ужо ёсць, ды яшчэ ж i казённы. У сё ж такі ты на заслужаным адпачынку.
1983