ВЫХАД


Лясная дарога на ямах, калдобінах ды карчэўі. Стары недабоек-аўтобус трасецца, рыпае, тарахціць. А суседка цераз праход, вясковая паштальёнка, расказвае мне пра сябе. Мы ўжо даўно знаёмыя, я збольшага ведаю яе нялёгкае жыццё, але жанчыне трэба ж расказачь. Пра сына i дачку, што ў горадзе. Пра ўнукаў, што i сёлета, дзякуй Богу, былі ў яе два месяцы без трох дзён. Пра ногі свае, што ўжо не вельмі хочуць служыць, а пошта за сем кіламетраў... Сячэ так дробненька ды нястомна, што мне, i нахіліўшыся ў той бок, цяжка ва ўсім разабрацца, услухацца праз таксама нястомнае тарахценне.

Ды вось дарога выйшла з лесу, стала гладчэйшай, аўтобус прыціх, пажвавеў, i я пачаў разбірацца лепш.

— Карову, ведаеце, прадала. Цяжка трымаць, адной жывучы. Няма каму, няма ўжо сілы сена накасіць. Не мною быўшы — мужчыны каторыя, ды ўжо таксама папрадавалі. Семдзесят сем кароў на ўсю вёску, a двароў жа ў нас больш за дзвесце. Мала людзей, адно старэча нямоглае. Але што я вам скажу,— малака цяпер у мяне больш, без каровы, чым пры сваёй кароўцы было. Тыя разы то той зойдзе, папросіць, то той. Як не дасі? I грошай браць не будзеш. А цяпер я ў суседкі малако бяру, дык жа куплёнага ніхто прасіць не будзе!.. I

ўнучкам, ведаеце, было, i самой цяпер, i кату, i на смятану паставіць...

Цётка смяецца бяззуба, але яшчэ ўсё молада i назаўсёды дабрадушна.

1985

Загрузка...