НАЧЛЕГ


У жніўні шэсцьдзесят чацвёртага года, вяртаючыся на дзвюх машынах з падарожжа па Літве i былой Усходняй Прусіі, мы затрымаліся, не даязджаючы да Вільні, над рэчкай Дубісай, каля самотнага хутара. Вырашылі тут i заначаваць. Чатырох лягуць у машынах, а прасіць прытулку яшчэ чатыром мы з Вялюгіным пайшлі на той хутар.

Тут я другі раз, пасля латышскага выпадку, сустрэў чалавека, які нічога не разумев паруску.

Першы раз было два гады перад гэтым, каля Сігулды. Маляўнічай я памятаў яе з ранейшага наведання, a ў той дзень быў зранку такі туман, што мы не толькі красы не ўбачылі, але i з дарогі збіліся. Спыніліся таксама каля хутара, загаварылі са старым латышом, а ён — нічога не разумев...

Так i старая літоўка, з якою мы з Анатолем павіталіся цераз плот. Усміхаецца, разагнуўшыся над градкамі, i толькі сваё: "Hi супранту". А потым яна, нібы толькі што здагадаўшыся, гукнула ў дом: "Альдона!" Выйшла маладая, як аказалася, дачка, што нават працуе ў раёне i прыстойна гаворыць па-руску.

— Аднаго чалавека можна было б палажыць у хаце, на кушэтцы,— пачала яна разважаць,— а дзе яшчэ трох — проста не ведаю...

А на сене? — кіўнулі мы на адрынку.

— Там у нас не сена, а салома.

— І на саломе пераспім.

Словам, сяк-так упрасіліся, сказалі, што прыйдзем зацемна, i гэта, як потым, уранні, мы здагадаліся, мела тут істотнае значэнне.

Ад ракі, дзе было вогнішча, юшка, песні мы прыйшлі ў адрынку позна.

Салома — не сена, a ў саломе — яшчэ i мышы. Спаць яны нам не далі. Ці жыта дрэнна абмалочана, ці мышэй тут, у чыстаполіцы, такая галодная процьма? Шастаюць, поўзаюць, слінява чаўкаюць то збоку, то з патыліцы, то каля самага вуха. Пляснеш рукой па саломе — заціхнула. Потым зноў. Толькі на досвітку сон нас ўсё-такі змарыў.

Ненадоўга. Ці то ад ix, мышэй, мы прачнуліся, ці то i ад таго, што пачало спакваля праяўляцца з цемры ўнізе пад торпам. Прычына праяўлялася, з-за якой хоць i ўсмешліва, але туга гасцінная Альдона не хацела пускаць нас на салому.

Каля сцен адрынкі i пасярэдзіне яе стойма i гарызантальна стаялі парасчыняныя труны, крыжы i пірамідкі помнікаў — невясёлае падсобнае рамяство гаспадара, якога ўвечары чамусьці не пабачылі. І ачмурэнне трохі ад нядосыпу, i сцішнавата неяк — пасля мышэй яшчэ i гэтая "мэбля"...

Але дарожны аптымізм зрабіў сваё. Ахвочы вандроўнік, рыбак, юшнік, грыбнік, вогнепаклоннік — Вялюгін, седзячы на саломе, з каласамі, ледзь не з мышамі ў валасах, гледзячы на труны, філосафам уздыхнуў:

— Эх, калі б гэта ўвечар было відаць — лёг бы сабе ў адну, накрыўся б ды выспаўся без мышэй!..

1988

Загрузка...