* * *


Жыцця і з ім, і без яго няма.

I пекла тут, і рай — усё адразу.

Як мне дыханне студзіш ты, зіма!

За што такое нам? Няма адказу.

Празмернасць невыносная любві!

Вяршыні, дзе разрэджана паветра!

I стогнам адклікаецца ў крыві

Неадчувальны быццам подых ветру.

I стогнам адклікаецца ў душы

Не ў час, не ў меру сказанае слова.

I не хапае мужнасці рашыць,

Што нешта трэба зрушыць, каб — нанова.

Празмернасць невыносная любві!

Ляцяць у бездань гулкія лавіны.

I паспрабуй каменьчык той злаві,

Што мы ўтрымаць калісь былі павінны!

Загрузка...