Прыпомнілася: стогне пустата,
У прыцемку стаілася трывога.
То кліча смерць, то заклінае бога
Бабуля з пачарнелага кута.
...А сёння траўку выцягнуў прамень
Скрозь цёплы жвір на могілках вясковых.
I бляклы дым ад свечачак васковых
Магутна растварае ў сабе дзень.
За зоркі калакушыны бялей
Сурвэткі, што пасланы на пагорках.
Мне зараз светла на душы і горка
Ад прывідаў, што сядуць пры стале.
I ад таго, што вечны ім спакой,
Што пройдзена пакутлівае кола,
Што поле, узаранае наўкола,
Бабуля сёння кратае рукой.
А помніш песню, што дасюль люблю,
I на падлозе жоўтай чырвань ранку?
I на сухую плешчацца зямлю
Барвовае віно з бліскучай шклянкі...