СОН


З маім нядрэмным, неад'емным «Я»,

Пакуль сама я спала на абрыве,

На мове сон-травы і салаўя

Жаўтлявыя пялёсткі гаварылі.

I гэтых слоў ці знакаў у вачах

Мільгалі каляровыя чародкі,

Ўшчувалі, што мяняюся. Падчас

I запаветы забываю продкаў,

Што чыстых і х пазбылася крыніц...

Але аспрэчвала мая трывога,

Што непасільны подзвіг дабрыні,

Што я адна, а бліжніх — надта многа,

Ды і жыву, амаль што як усе

У горадзе, вялізна-раўнадушным,

I ці мая віна, што пакрысе

Свет замыкаецца акружжам скрушным,

I ці мая віна, што зноў і зноў

Мне набліжэнне бліжняга — апёкам?

А вецер лёгка тыцкаўся мне ў шчокі

Лабастымі галоўкамі званкоў...

Загрузка...