ЧАС СПЕЛАСЦІ


Сцябліны абабіты на валокны,

Перабуяла завязь у плады.

Час спеласці! Пахаладзела ў вокны

Глядзіць на золку месяц малады.

Планет зеленаватае мігценне,

А на шчацэ — світальны подых дня.

Час выспявання — тлумнасць летуценняў.

Час спеласці — нібыта цішыня.

Успомняцца з паблажлівай усмешкай

Юнацтва неразважлівыя дні,

Часіны страт... Але віецца сцежка

I нікне ў невядомай глыбіні!

I яблыні, і што развінаюць плечы,

З палёгкай аглядаючы абшар,

Не ведаюць, што лёс іх — чалавечы:

За годам год наноў прымаць цяжар.

Усё наноў... Прымаць працяг нясцерпна:

Ад кораня у кроне слабізна!

Час спеласці вядзе цябе па цернях

Шукаць прастор без столі і без дна,

Не ашчаджаючы ні час, ні сілы...

Як б'ецца і трапеча вышыня!

Планет мігценне... Утрымайце, крылы!

А на шчацэ — світальны подых дня...

Загрузка...