ВЫХАВАЦЕЛЬКА


Гэты горад, дзе згінае спіны

Аркам даўніны цяжар прарочы...

Дзе фантаны — белыя паўліны —

Пер'ямі струменнымі зіхочуць...

Горад на вячэрнім акаёме

Матрыцай адціснуты срабрыстай...

О, як вуснам вулачак знаёмы

Голас яго, крышку ганарысты!

Там — жанчына. Яблыняй на полі.

I ўмясціліся ў кватэрцы чыстай

Скарб яе, бязладнасць і бяздолле,

Свет яе — па-царску размаісты.

Неба, ты за што яе дарыла

Літасцю спакою і прымання?

Нездарма прыязні нашай сіла

Ад яе патрабавала: «Мама!»

Хоць саміх паіла, як атрутай,

Да сям'і сляпое непрычасце...

Што ж, сябры, вас знадзіла парука

Падзяліцца пошукамі шчасця?

Я не еду з вамі ў горад мілы,

Каб знянацку не ўпікнуць жанчыну,

Што яна калісьці адпусціла

Нічыю мяне у свет нічыйны,

Дзе хацела я спазнаць няўтольна

Слодыч будняў і гаркавасць свята,

Дзе жыву бязладна і бяздольна...

А яна ж у тым не вінавата...

Загрузка...