У гадах, няважкіх і спакойных,
Нешта калыхлівае, калі
Ты плывеш бяздумнаю ракою,
У жыцця не лічачы хвілін.
Ад суцэльных воклічаў: «Шчаслівы!»
Робіцца на сэрцы халадней.
Абмінаючы віроў імклівасць,
Можа, сам становішся бядней?
Можа, там, за невядомым гаем,
На шляхах, калючых, як асцё,
Зразумець упершыню, якая
Сіла дадзена табе жыццём?
Рассячы вузлы. Устаць. I здолець.
Рухнуць у спакойную траву
Стомленым. Зняможана ад болю
Прашаптаць шчаслівае: «Жыву!»