* * *


Падалі зоры ў аўтобусны люк,

Пругка ірваўся карычневы змрок.

Крыкнула ў тысячны раз: «Не люблю!»

I адхіснулася даллю дарог.

Ды прарастае у ятраным сне

Корань пакрыўлены плакуну.

Зноўку таго, хто сурочыў мяне,

Плачучы, пракляну.

I да лясной я вярнуся ракі:

Там, можа, выняты любага след?

Ціха. Тлусцеюць зялёна імхі,

Жоўта ільсніцца вакол кураслеп.

Нашто нам, сцяжынка, мяккай была?

Нашто кружыліся сойкамі дні?

З яліны нагрэтая капле смала,

I нешта знікае ў рачной глыбіні...

Загрузка...