ВУГОР


З перапоўненай скрыні ўзляцеў быў

I — упаў на цэментную гладзь!

I спружыністым б'ецца целам,

Не згадзіўшыся паміраць.

А прыёмшчыцы юнашчокай

Задзівіцца ізноў з вугра:

Не да бліжняй лужыны скокі,

А да дальняга азяра,

Што так родна трапеча сінню,

Што пад ветрам набрала гон

I трымціць глыбіннаю сілай

У крыві жыхара свайго.

Ён не возьме, спазнаўшы волю,

I глытка нямілай вады,

Раздзіраючыся аб голле,

Уцякаючы ад бяды...

Загрузка...