ТАЯМНІЦА


Скрозь сон прабіўся голас тонкі.

Я да малога падышла

I, расхінаючы пялёнкі,

Яго на рукі падняла.

I — скрыжаваліся пагляды,

I — мне вачэй не апусціць.

О, як трывожна і зацята

Мой сын у вочы мне глядзіць!

Яшчэ прыкметы не адталі

Яго няіснасці, але

Ён — пасланец нязнанай далі,

Якая мне пытанне шле.

Ён, што пакуль не мае дома,—

Яшчэ вакольнаму чужы! —

Перад жыццём... Яму вядомы

Загадкі праўды і ілжы,

Што у жыцці нас мучаць гэтак!

Імгненне раптам перайшло

У рэчаіснасць. Вокны... Ветах...

Кватэра... Сынава цяпло.

Але — скрозь кожнае світанне

Далёкі боль, нібы імгла...

Але — якое мне пытанне

Праз сына вечнасць задала?

Загрузка...