Той заценены, той зацеснены
Між будоўляў кавалак зямлі!
Стане паркам ён — з крыкам, з песнямі...
Адпачынку мала далі!
Экскаватар зрые пагорачкі,
I ў адно — непатрэбны хлуд:
Агароджы, крыжы ды зорачкі...
Адзвінелае рэха пакут
У вясёлае перайначыцца.
Можа, так і павінна быць:
Не згубіўшаму — не заплачацца,
Не пражыўшаму — не забаліць.
Ды і я адрыну балеснае:
Як пакрочу — не павярну
Галавы да сівой алешыны,
Што матулі помніць труну.
Помніць постаць маю скамянелую,
Зледзянелую помніць жарству...
Стане сонца раптоўна белае
I абрынецца на галаву,
А на тых, на няўдзельных, бояззю
Ясакораў старых і ліп...
I якою лучаны повяззю
Ўсе мы з тымі, што ўжо былі?
Не хацелася б — а пазначыцца
Сум магіл старых і капліц.
Не згубіўшаму — а заплачацца,
Не пражыўшаму — а забаліць...