ЧУЙНАЕ


Недзе дзверы бразнулі,

Рыпнула сасна...

У асеннім Браславе

Цёмна да відна.

Над бальнічкай соннаю,

Ціхай ды старой,

Над трызненнем, стогнамі —

Дождж — Ілля-прарок —

Мокраю і рэдкаю

Барадой трасе.

А губам парэпаным —

Мроіць аб расе,

А гарачай скроняю —

Уціскацца ў сталь...

Будзе як старонняе

Для мяне: «Устань!»

Ды пайду, няўцямная,

У заглухлы лог,

Дзе пад поўнач сцягнуцца

Петлі трох дарог,

Слухаць хмары дольнія,

Возера, траву...

I ўсё гэта доляю

Потым назаву...

Загрузка...