ТОЙ ДЗЕНЬ


З табой упоравень кашу

Ячмень, ужо васковы.

I вёдры поўныя нашу

Для лазенькі вясковай.

Прылазнік вузенькі прапах

Распаранай бярозай,

I атулілі дымны дах

Галінкі вербалозу.

Бліжэй душою, як калі,

Мы ў гэтых ціхіх нетрах.

Агонь у грубцы запалі!

Я ж — атулю ад ветру.

Нам гаспадарыць удваіх

Нязвыкла, ды так згодна.

I дотык цёплых рук тваіх —

Нібы адвеку — родны.

Шапоча на двары лісцё,

I дзень складае крылы,

Адзін з тых дзён, што нам жыццё

Так шчодра падарыла...

Загрузка...