ЛЯ ПАЛЯРНАГА КРУГА


Няма начы... Ружоваю палоскай

Глядзіць апоўначы ў акно зара.

Адблісквае жывым, я к цела, лоскам

Лістоўніц звільгатнелая кара.

Дзявочы голас весела шчабеча,

Над трасай уладарныя дымы.

Сава на пень сядае па-старэчы

Пушыста-белай згадкаю зімы.

Няма начы... Нядоўгая дрымота

Зашчыпле вочы. Толькі не да сноў:

I колкія пясчаныя сумёты —

Віхром з-пад верталётавых вінтоў...

Гудуць басамі каля вокнаў КРАЗы,

Рыпяць барты, і трубы — як камлі.

I ўвінчваецца неадступна траса

У нетры перамерзлыя зямлі...

Загрузка...