КАЗКА ПРА ХАТУ


Калі апошні певень пракрычыць

I сны Жывога перарвуць бунтарства,

Дзяўчынкі белай — чэрвеньскай начы —

Час настае нямога валадарства.

У той глухі, паўночны, цьмяны час,

Калі я слухала, як спіць таполя,

Пагрозліва сабака загырчаў,

Масніцы заскуголілі паволі,

Старая печ заслонку прыўзняла,

А дошкі пад гарышчам заскакалі,

Схілілася ў паклоне чапяла

I крыкнула акенца: «Прычакалі!»

Сцюдзёнае дыханне падняло

Мне валасы, мяне накрыла жахам...

Пасля да ложка Нешта падышло,

Шапнула: «Бог з табой, я ж не вужака!»

Паволі сталі вочы прывыкаць,

Свядомасць заімглёная яснела...

Вось выпляла кашчавая рука,

Вось выразала ноч абрысы цела,

Міткалевую кофту, андарак,

На фартуху якоесь вышыванне...

«Бабуля, Вы адкуль?» «Відно і так».

Але ізноў я задала пытанне.

«Павер, дачушка, часу нестае

Сюды прыйсці — такія скрозь аблогі!

Радні ж не дабудзіцца ўсё твае,

А мне яшчэ назад патрэбны ногі».

«Я зэдлік Вам прысесці прынясу».

«Не трэба. Дзядзьку падкажы Антосю,

Што дах налета ветры абтрасуць,

Што шашалю ў той сценцы завялося.

Я ў гэтай хаце некалі жыла,

Яе сама складала па бярвенцу.

Ці мне ўляжаць, калі, нібы піла,

Па мне шкрабе той шашаль —

не па сценцы?»

Задумалася... Ціха плавіў цень

Яе маршчыны, хустку і аблічча.

«Шкада прасіць мне грошы у дзяцей,

Назад купіла б хату я... Баліць мне,

Што лехі пустазеллем зараслі,

Што ўнукі адцураліся зямелькі,

Што болей не вазьму я на зямлі

Малінаў пераспелых хоць бы жменьку.

Каб дыхаць! Каб прысесці на мяжы!

Гаротна мне ў раі, бо там не робяць».

«Ты заслужыла, цётачка, ляжы!»

«I пасміхаюцца, і мне не собяць.

А як балюча спачываць рукам!»

Ды — нешта ціха ценькнула пад дахам,

Пранеслася: «Скажы ты сваякам...»

Ужо здалёку азалелай птахай.

...Але расказ раўніва прынялі.

Разважыла нервовая залоўка:

«А пенсіі б назад ёй не далі!

А дзе б яна набрала на налогі?

Бярвенні, дзякуй, глянем у куце.

Але сюды ёй болей не пралезці!»

Яе маліла я аб дабраце,

Успамінаючы — чакае дзесьці...

Успамінаючы — спявала столь,

Аб ногі церлася, як кот, масніца...

Я ведала, што развітання боль

Яшчэ ў аконнай скроні будзе біцца!

...Аттыргнутая крыжам і вадой,

Бабуля спачывае пад бярозай.

Дом гасцяваць мяне не просіць той,

А сваякі, чуваць, мой ганяць розум...

Загрузка...