БРАСЛАЎ


Чайкі — кожная астраўком

На пранізліва-сініх хвалях —

З хвойным чысценькім гарадком

Нечакана мяне з'ядналі.

Міжазёрны круты прастор.

Гарадзішча — тугое прасла.

Я сышла ў нараджэнне не з зор,

Я была і тваёю, Браслаў!

Мо адтуль трапятанне крыла

У руцэ маёй, пальцах гнуткіх,

Як сцярожка у высі плыла

Камячком трывожна-бялюткім?

I сяляне па косы ішлі,

Выціраючы рукі націнай...

Першы раз на тваёй зямлі

Я — спрадвечнай тваёй часцінай...

Загрузка...