ПРАДВОСЕННЕ


Глядзіцца ласкавае сонца праз шыбы.

А вецер пранізлівы. Восень ідзе.

I лісце лускою нябачанай рыбы

Плыве па азёрнай ссінелай вадзе.

Шумяць трыснягі. Віснуць слівы над плотам.

Сланечнікі гнуцца. Гудуць правады.

А старшакласніцы шэпчуцца ўпотай,

Што новы настаўнік — такі малады...

Загрузка...