* * *


Званок абрынуўся, як вадаспад.

За што ўчапіцца? Плынь імгненна зносіць!

Мяне ён толькі аб спатканні просіць,

А просьба — нечакана — як загад.

Як прыстань — яго цвёрдая далонь.

Мая насмешка — як выратаванне.

Я не пайду на гэтае спатканне!

Я не хачу трапляць у твой палон!

Каб зноў, даверыўшыся дабрыні,

Аддаўшы сэрца і цяпло той веры,

Упасці некалі ў пустыя дні

Бязлітасна пакінутай кватэры...

Я не хачу трапляць у твой палон!

Ды толькі, заінелая ад сцюжы,

Вясной бяроза ў карагодзе кружыць,

I непазбежны той жыцця закон!

Загрузка...