Сёмуха


Начыста змецены і вуліца й двары,

Ля ганка і варот паўбітыя бярозкі —

Сягоння Сёмуха, сягоння свята вёскі,

І весялейшае не знойдзецца пары.

Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары

Паветра хмельны пах, смяюцца сонца коскі,

А ў хаце бел абрус, падходны блін — дар Боскі

І шчасцем свецяцца мужычыя твары.

І веру радасна я болей, чым калі,

Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі:

Абуджаны народ быліц дазнае сказ —

Узрушыць як адзін пры свеце бліскавіцы.

Прыйдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час.

Дай думам сёмушным і казкам дай здзяйсніцца.

1921


Загрузка...