«Свядомасці горач мацней алкаголю…»


Свядомасці горач мацней алкаголю,

Ўжо чарка распутала дзікую волю,

Ўжо мэрам бурштыны у чарцы налітай,

Няякавасць гіне, і гора пазбыта.

Свабодны — і згадкі няма аб ўстрыманні

Бяссорамней рухі, крыклівей жаданні,

І штосьці язык недарэчнае плешча, —

Чужая ж кватэра і куплены пешчы.

І хочаш апошнія сцерці румянцы,

Часцей і няпэўней схіляешся к шклянцы.

А памяць, знібеючай горычы поўна,

Заўважвае ўсенька, халодна й пунктоўна, —

І рух мой найменшы, і кожнае слова,

І голас сяброўкі мае прыпадковай,

І гэту бяздушнасць на згамтаных тварах,

І холад абоймаў разлічана-скнарых,

І наша ганебнае ложка супроці,

Як скрыню грахоў, уздыхаўшых па цноце.

І сэрца заныла смяротнаю ранай,

І крыкнуў я, крыкнуў у роспачы п'янай:

— Паслухай! Я слухаў аб дужым і мужным,

Я чуў аб цвярозым і думна-натужным,

І песні былі з незабыўнай адною,

Што песняй ўладала і доляй маёю.

Паслухай! Дык як жа? Дык як жа, калішні…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Спыніла каротка — ты выпіў залішне!

Пад чаркай усе вы героі ды палкі!

— Падай мне, вунь там — цыгарэты й запалкі.

1927


Загрузка...