Вершы аб Вільні

І


Калі сябры нас гудзяць згубаю

І ворагі прарочаць скон, —

Тады к Табе, о Вільня любая,

Прыводзяць згадкі у палон.

Ў маіх лятунках ты — ўладарная,

Пануеш ты, харашыня:

Завулкаў сон і ціш кляштарная,

Віллі празрыстай глыбіня;

Вялікай вуліцы экзотыка,

Тэатры, кіно, шпіталі:

І маліцвенна ўзносіць готыка

Да неба тонкія шпілі;

Святая Ганна — спеў, напеўнасцю

Салодка ўзрушаны ўсягды;

А поруч з бізантыйскай пэўнасцю

Царква прысела ля вады;

Увечар за гарой трохкрыжнаю

Палае захаду пажар,

Як знак, што веліччу аблыжнаю

Яна не выкліча ахвяр;

І плюск Вілейкі, хвалі ветрыка

Люляюць Бернардынскі сад;

І мільгаціць праз ноч электрыка

Ў зацёмкаў мескіх шалы чад;

Плыве па вулках пыха панская,

Распуста, блуднасць і мана;

І ярасць жорсткая, паганская

Бліскае ў вочах літвіна.

У жыдоўскім гета дробязь, клопаты

І аб Сіёне сны ў туман,

І гэткі ж сум, і тыя ж допыты

Вядуць таполі базыльян.

А там, па-над мурамі даўнымі,

Дзе места ўсенькае відно,

Руіна думамі дзяржаўнымі

Гадае нам: чыё яно?

Але ўжо лёс рукой няўхільнаю

Загад вызначвае з вякоў:

Усё магутней б'е пад Вільняю

Прыбой нямоўкнучы з палёў…

Ўсё пераможней нестрыманае

Стыхіі шум і бурны круг…

О, места роднае, каханае,

Цябе залье крывіцкі рух!


ІІ


О, Вільня, крывіцкая Мекка!

О, места, — ўсё цуд, хараство!

Дзяржаўная думнасць павекаў,

Узнята рашуча брыво!

Абліччам пад ветры і буры,

Туды — у разлогі палёў,

Дзе гоняў рунелыя суры,

Ўзіраешся, поўная сноў.

Чытай жа, чытай жа праз цемень,

Праз гэты бяздолля туман, —

Там дзеці жаданнем, бы крэмень,

Кляліся на новы каран.

Там дзеці (твае яны дзеці!)

З-пад слепых, закураных хат…

Вітай жа — ў часы ліхалецця

Змагарскі іх блішча пагляд.

Ім кажуць прапасці са свету,

Ў парожнасць рассеяцца, ў дым;

Ды думкай, бы выш мінарэту,

Стаяць яны ў ветрыску злым.

Ім доля дала паніжэнне,

Ды Бога крым Бога няма;

І Бог іх адзін — вызваленне,

І зненавісць іх да ярма.

Руіна замчышча — Кааба —

Ім прошча ўздыханняў і дум.

Салодкіх лятункаў — прываба,

Ў сваім запусценні — іх сум.

У крыўдзе і горы пякельным

Пагудкі, як клічы адны,

Чакаюць наўкол непадзельна,

Каб рушыць разводдзем вясны.

Ўжо ў песнях звініць перамога

І крокамі курыцца шлях…

Але ці там чуеш святога?

Ці вее прарокавы сцяг?

А ён, паганяты, няўзнаны,

Душой шчэ згарае між нас, —

Хоць месяц мінуў Рамадана,

І вызначан тэрмін і час.

Ці сэрца гартуе да чыну?

Ці ў модлах да Бога свайго?

Між тых, хто ўцяклі да Медыны,

Ці бачыш, ці бачыш яго?

І ты ці чакаеш пад здзекам,

Што бомкне ўрачыстая медзь?

О, Вільня, крывіцкая Мекка!

Ці варта прарока ты стрэць?

1925


Загрузка...