Хвораму


У змаганні дзікім змогся ты

І выпляваў дарэшты грудзі.

Надзей няма ў цябе й не будзе,

І ў сэрцы холад пустаты.

Ляжыш худы — сухая жэрдзь, —

І шчокі — яркія півоні.

І вось у галавах на ўслоне

Яна — збаўляючая смерць.

Запамятаць ты быў бы рад

На ўсё, што сэрцу гэтак міла,

На ўсё, чым сэрца гэтта сніла,

На ўсё, што цешыла пагляд.

Ды памяці снавацьме ніць,

І розум яснасць не пакіне,

І караблямі ў далі сіняй

Ўспаміны будуць плыць і плыць.

Згадаеш цёплы сум начэй,

І светлы дзень, і дзень твой чорны,

І гэты свет наш непаўторны

Прынадней здасца і мілей.

Наўкола ж будзе той жа рух —

І слёзы, й смех жыцця зямнога,

І думка, што табе нічога

Не трэба болей, сцісне дух.

І зразумееш ты суздром,

Што ні адна людская немач

Не ззяе гэткай мукай немай,

Жахлівым гэткім хараством.

Таму ў апошні час цяжкі,

Ў тваю апошнюю часіну

Прысніш ты слодыч адпачыну

І пешчы добрае рукі.

1927


Загрузка...