Даўно ўжо тыя ж дні й не тыя,
І я, патрэпаны, не той.
Як жудасна вятрыска вые,
Нібы над згубаю маёй.
Там за акном глухая восень
І ноч лягла стаццём глухім.
Не ведаю, нашто здалося
І што пачну з жыццём сваім.
Якую дам сабе я раду
І накіруюся куды,
Калі віхор гудзе без ладу
І к радасці замёў сляды.
Мае пакрадзеныя скарбы —
І звонкі смех, і зрок жывы,
І дум вясёлкавыя фарбы,
І песні — дзе цяпер? Дзе вы?
Ад жахаў долі чалавечай,
Што не сціхалі на мамэнт,
Душа зрабілася старэчай
І апарожненай ушчэнт.
Няўтульны мой пакой, бы з дошчак
Непагаблёваных труна.
Застылым поглядам — нябожчык —
Дзіўлюся ў шчыліну акна.
Там душыць ноч, як камень муру,
Але тугі мацней цяжар.
А маладзік — плывец у буру —
Кіруе човен свой між хмар.
Мне ўсё часцей радзіма сніцца…
Там рух і песні аб вясне,
Там працы творчая крыніца,
Там мо знайшлося б месца й мне?
Дый там патрэбна маладое,
Ў кім гарту, палкасці не брак,
Нашто ж прыдамся, на якое,
Спарожнены, разбіты гляк?
Убогі стаў я, й страх за тое,
Што ўбогасць бачыць госць не госць,
І перад рэчамі ў пакоі
Сутулюся, дрыжу чагосць,
Нібы і ім вядомы страты,
І бачаць, глянуўшы ў душу,
Якой назолай я працяты,
Якія думы я нашу.
І нават месяц бледна-срэбны
Смяецца рогам за акном:
— Ты больш нікому не патрэбны,
І сам сабе ты цяжаром!
1926