Альбігоец

Прыйшоў ка мне той, раскрыжованы, здань,

Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі,

Быў твар яго ясны, як летняя рань,

І йшоў ён, як дзень светлакосы прыходзе.

Пастукаў: «Каханнем сваім надары!»

Ды толькі стрывожыў у сэрцы дакуку.

Штурхнуў я праклёнам яго па твары

І высыпаў лаянку ў руку.

«Ізноў ты гукаеш? Манюка, ізноў?!

Ды маем тваіх абяцанак даволі.

Збавенне суліў ты, збавенне людзёў,

А ў нас, як адвеку, пакута і болі.

Пакінь, не дратуй мяне! Ў чорнай душы

Нянавісці келіх хвалюе няўпынны.

Ты зло — дабрадзейнасць маю — не глушы!

Хвалюся — я дрэнны, я злосны, злачынны!

Высокае праўды й збавення твайго

Дарожай зямля мне з грахом і аблудай.

І шчасней ад раю і ўцехаў яго

Мне ночы з апошняй паскудай.

Мой востры за працай не хібіць штылет,

І, славай крывавай, разбойствам вядомы,

Я ўсенькае нішчу, дзе толькі твой след,

І чыну свайго я свядомы!

Паслухай! Святое у справах тваіх

Даводзіць мой сум, маё гора к адчаю.

Дарэмныя ружы ад ранаў святых,

Дарэмны твой шлях крыжавы — пагарджаю!

Якая пацеха — другое жыццё?

Пацеха нябескай заплатай даброты?..

Як смерць, неадлучна мае пачуццё,

Мой рогат з авечае цноты.

Не хочу нябёсаў!.. Людскога ты — кат!

Ў цябе мая ярасць і злосці каменні,

Я — багна, смурод; я поўзаю — гад, —

Цябе ж праклінаю ў маім паніжэнні!

А можа, блюзнерства даруеш? А мо?..

Ты, поўны пакоры, кахання без зыску.

Ды толькі нашто мне здалося. Дармо!

Плюю табе ў ціхую пыску!»

А ён усё тут, і ўжо ява, не здань,

Што сном несмяротнасці мучыць стагоддзі,

І твар яго ясны, як летняя рань,

Як вечнасці дзень, што гарыць, не праходзе.

1925


Загрузка...