«Да Пятра зязюленька…»


Да Пятра зязюленька

Ў лесе кукавала;

Да шлюбу Гануленька

Весела спявала.

Ды гуляла, цешылась,

Не хапала ночы,

Ой, вячоркі-веселасць,

Ой, гады дзявочы!

Мінула зязюленькі

Ў лузе жыраванне.

Сцішала Гануленькі

Пры бацьках спяванне;

Не цвіці ты, зеллейка —

Рута-мята ў садзе;

Ўбралі Ганну ў беллейка,

Садзяць на пасадзе.

— Ой, каханы татачка,

Нашто ж рыеш яму —

Выдаеш дзіцятачка

За нялюба замуж?

— Ой, матуля родная,

Чым табе не міла,

Ці была нягодная,

Ці не дагадзіла?

Чула сэрца чулае,

Не паможаш просьбай…

Выдаюць патулае

Татка з мамкай грозьбай.

Пойдзе кветка польная

Ў свет чужы за светы

Праклінаць бяздольныя

Маладыя леты.

1923


Загрузка...