Перайманне («Запытаў я морскі хвалі…»)


Запытаў я морскі хвалі:

— Дзе пазбыцца думак хмурых?

І ў прыбой яны сказалі

— Радасць — толькі ў бурах!

Запытаў я ветра ў полі:

— Адкажы мне, калі можаш,

Як пазбыць жыцця нядолі?

І пачуў: «Змагайся — зможаш!»

Запытаў я ў небе Сонца:

— Як рассеяць змрок імглісты?

Не прамовіла мне Сонца,

Ўчула ж сэрца: «Будзь агністы!»

1926


Загрузка...