Да Персі Шэлі

I


Сваё жыццё паклаў на шалі,

А будучыня — цёмны лес.

Згадаўся думцы кволы Шэлі,

Ягоны светласпеўны лёс…

Іду няроўным, хібкім крокам,

За мной пануры іншых рад,

І боль на сэрцы крука крыкам,

І фарбіць горкім смехам рот.

Пажарам спаленыя далі,

І над мінулым чадны дым…

Хто ж верыць шчэ кахання долі?

Хто ж захаваў з нас яснасць дум?

Яго ж праз век нязменны белі,

Ён для народаў ясны сон.

І я ім палагоджваў болі,

Я — год жахліва-шалых сын…

Дзіцяча-мудры, кволы Шэлі,

Дажджом блакіту сэрца злі,

Майго жыцця гайдае шалі,

Рагочучы і мсціва-злы.


II


Як магло бы дзяўчо без люстэрка

Кволых вёснаў пазнаць хараство?

Што было б к параўнанню ёй мерка

І прыбрацца было б якаво?

Ці Нарцыс ганарыўся б з уроды,

Ці дазнаўся б ўладарства свайго,

Каб не светлыя ціхія воды,

Што адбілі ў глыбінях яго?

І струна, каб не роднае рэха,

Каб не гэты ўзрушаючы гук,

Ці дрыжала б салодкай уцехай,

Ці гаіла б нястрыманасць мук?

І ад багны, ад рудага зрэб'я

Ці лілея б цягнулася ўвыш,

Каб не сонца прыветнае ў небе,

Не святло яго ў зяблую ціш?

І куды б мае думкі ляцелі,

І над ставам схілялісь якім?

Што пазнаў бы ў нябесным касцеле,

Каб не ўверыўся песням тваім?

О, чароўнасць! О, сонца! О, Шэлі!

О, ні з кім не зраўнаны, ні з кім!

1923–1925


Загрузка...