«О, гэта аповесць звычайна й каротка…»


О, гэта аповесць звычайна й каротка

Аб долі жахлівага зместу.

Спавіла, залюляла салодка

І выйшла на места.

Дзіцятка? Хто вінны? — ды згадваць дарэмна,

Клясьці — яшчэ марней.

На вуліцы ночнай і дрэмнай

Спынілася, жджэ пад ліхтарняй.

Ў свядомасці горкай — гарчэйшая згадка,

І вочы блішчаць нехароша:

Выгналі з фабрыкі матку —

Ўбогім кахацца раскоша.

Бяздушны муры, і сірэнаў пагудка,

Дражняць убранні багатых.

Навошта ж спынілася тутка,

Ці не крыўду сваю прынясла ты?

Спяшаюцца людзі, у кожнага дзела.

— Чаго ж ты чакаеш, жанчына?

— Змяняць сваё цела

На хлеб для сябе і для сына…

1925


Загрузка...