Я — грамнічная свечка прад Богам.
Ціхай, ціхай згараю малітвай
За блакітную к небу дарогу,
За ўзрунелыя зелена рытвы.
Ўсемагутны! Вось сэрца паэты —
За народ Твой Крывіцкі ахвяра!
Дым кадзільны — жар вершаў — прад светам
Узнашу да Цябе па-над хмары.
Мы абвеяны злой сухавеяй,
І балот душыць ліпкая плесня,
І дарма зацвіталі надзеяй,
І дарма снілі сны напрадвесні.
Ў бездарожжы зблудзілі глыбока,
Пацямнеў цёмны шлях наш цярновы…
Не адмоў нам паслаці прарока
З цвёрдай верай і словам агнёвым!
Цішу досвіткаў цьмяных
Абуджаю жальбою вялікай:
Расчашы ты сівізну туману,
Празіяй жыватворным Аблікам!
Да Цябе уздыхаюць са мною
Капытом здратаваныя нівы,
На аблогах — бадыльнік з лазою
І чарот па-над ставам шумлівы;
Уздыхае кароўка-худоба,
І авечка на голым папары,
А каняка схіляе з жалобай
Галаву пад нязмерным цяжарам.
Узгляніся!.. Злітуйся над ніцым!..
Маё гора усёды, усёды:
Мае слёзы — ў дажджах навальніцы,
Мае енкі — у стогне народу.
І туга мая — з ветрам на полі,
Мая смага — гаючай крыніцы:
Няхай будзе і праўда, і воля,
Твая Воля на роднай зямліцы!
1925