«Над нядоляй Тваёй не заплачу…»


Над нядоляй Тваёй не заплачу

І на свой не пажалюся лёс,

Хоць і ведаю — доля лядача

І балюча, часамі, да слёз.

Хоць і ведаю сум і утому

І не раз давяраўся мане,

Ды ці ж мне выгалошваць жывому,

Запяваць паніхіднае мне?

А ніколі, ніколі, ніколі:

Мы — не вецер распачны зімой;

Ты — застанешся верная волі,

Я — на варце нязменна з Табой.

Ні часіны не кінем змагання;

Не аслабне, не здрадзіць далонь:

Хто заквечаны кветам кахання,

Той нянавісці знае агонь.

Чым гусцей над Табой пацямнее,

Чым цяжэй будзе крыж Тваіх плеч, —

Тым запальней здымацца ўзмацнее

Мой кароткі караючы меч.

1924


Загрузка...