ВЕРЦЕ — НЕ ВЕРЦЕ


Мне сняцца сны, якія часта збываюцца. Здараюцца і такія актыўныя, што нават жонка адчувае іх сілу.

Аднойчы снілася мне, што я ў Варшаве, на вуліцы Навагрудскай, на апошнім прыпынку ЭКД, і на мяне напалі бандыты. Я абапёрся спіной аб сцяну, каб тыя не ўзялі мяне з боку, і, учапіўшыся рукамі за поручні, што аддзяляюць вуліцу ад касы, пачаў бараніцца нагамі. Матаю нажыскамі, а бандыты ўсё набліжаюцца. Асабліва правадыр іх. Ну, думаю, хадзі, хадзі, як дам нагою пад пуза, дык накрыешся, гад. А ён ідзе. Я мацней схапіўся за поручні, ды як удару нагой у бандыцкае пуза! Аж сцяна войкнула і шклянкі ў шафе забразгалі. А жонка крычыць: — Што здарылася?!

Нага балела страшна. І злосны быў, што не дасніў і напалохаў жонку. Расказаў ёй сон, а яна кажа: — Не маеш чаго рабіць, то ваюеш з бандытамі. Хоць бы крыху ночы прысвяціў мне.

Павярнулася, павярцелася і заснула. Я таксама заснуў. І зноў бачу тых жа бандытаў на той жа станцыі. І я, абапёршы спіною аб тую ж самую сцяну. Адна толькі інавацыя: у маіх руках пісталет. Ну, думаю, цяпер будзеце драпаць, колькі сіл у нагах. Прыцэліўся ў першага, найгразнейшага і — бах. А куля ляціць да яго так, што нават калі б і ўдарыла, не пачуў бы. Я яшчэ раз бах. І трэці раз стрэліў. Але ўсе мае кулькі памаленьку да яго ляцяць, а ён узбычыўшыся, насядае на мяне. А тыя збоку падбадзёрваюць таварыша. У мяне ўжо валасы дыбам стаяць. Калі вораг наблізіўся на адлегласць працягнутай рукі і я пераканаўся, што пісталетам крыўды яму не зраблю, вырашыў даць лайдаку па мордзе рукою. Размахнуўся і трэснуў з усёй сілы па паганавай твары. А жонка крычыць і плача. І праклінае мяне (маўляў, навошта за мяне выйшла, калі мела столькі розных хлопцаў і нават былі такія, што абяцалі ажаніцца).

Я збянтэжаны, перапрашаў і тлумачыў, што гэта віна таго паганца, што насядаў на мяне на станцыі ЭКД. Аднак жонка мне не верыла. Гаварыла, што знайшоў спосаб адпомсціць.

Часта таксама сніцца мне брыццё. Сёння нават брыўся машынкай без абудовы, голымі ножыкамі. Выбрыўся так, што пацягнуўжы рукой па твары, думаў, што гладжу паліраваную сталь. Цешыўся, што навучыўся як брыцца. Устаўшы, задумаўся над сном. Прыпомніў каляндар, які калісьці Астрон надрукаваў дзеля практычнага прымянення (каб грамадзяне ведалі, калі сноў баяцца, а калі цешыцца). Ат, думаю, гэты сон паршывы, бо ён і дзень якраз дрэнны. Ды чорт з ім, хай ідзе туды, куды і ноч пайшла.

Паснедаў, паставіў варыць студзіну, узяў электрабрытву "Харкіў" і пачаў брыцца. Яна мяне так не выбрыла, як тая ноччу, але ўсё ж. Напісаў у "Ніву" інфармацыю і, выключыўшы газ, панёс у рэдакцыю. Захапіў з сабою і ашчадныя талоны, каб зайсці ў ПКО — і што вы скажаце! — на адзін бон семнаццаць тысяч, на другі дзве з паловай. Ура! А калі так, дык хутчэй пахваліцца жонцы (яна ніколі не мае грошай удосталь, хай цешыцца). А яна не паверыла. Са злосцю "ўбіваў" сваю праўду. Урэшце дайшло: жонка прызначыла мой выйгрыш сабе на паліто. Не стаў я па тэлефону аспрэчваць яе рашэння і папёр у "Цэнтраль" па "Белы аіст". Каньяк купіў за старыя грошы, якія былі ў задняй кішэні (новыя схаваў за пазуху). Прыбег дамоў, паставіў "Белы аіст" на стол і думаю: давай яшчэ раз пералічу выйгрыш. Шусь за пазуху — няма. То я ў другую кішэню. Таксама няма. "Ага, хіба грошы ў сумцы?" Заглядаю ў сумку, і там не відаць. Што за ліха. Думаю, куды я іх уваткнуў? Нервова пачаў ператрасаць вопратку. Грошай не было. Я ў "Цэнтраль". Думаў, мо недзе на дарозе ляжаць. На жаль, думка не апраўдалася. Як жа Цяпер пакажуся жонцы? Хадзіў па дарозе, па парку, абы дачакацца пакуль жонка засне. У адзінаццаць нуль-нуль Ціхенька адчыняю дзверы, а з пакою высоўваецца галава маёй благавернай (якая ж яна абрыдлая, зараз пачнецца допыт). І жонка пытае:

— Вася, дзе ты так доўга быў, я не магла цябе дачакацца?

— Ты чакала мяне ці грошай? — злосна пытаю. — Ніколі ж так доўга не чакала.

— О, ужо думае, што лакома на яго грошы!

— То і добра, што не лакомішся, бо іх у мяне няма.

— Не жартуй...

— Не маю і ўсё. І хачу спаць!

— Слухай, мантач, калі ты хлусціў: тады, як гаварыў, што выйграў, ці цяпер, калі аддаў на к...?

Я ведаю, што сны спраўджаюцца, а вы верце — не верце...

1980 г.

Загрузка...