ЯК ЛЮДЗІ РОБЯЦЦА ГЕРОЯМІ


Калісьці мне давялося быць у гасцях, але без гарэлкі і пачастунку, бо гэта быў сход збавідоўцаў. Адзін збавідовец з Дубіцкай гміны забраў голас і расказаў прысутным (збавідоўцам), як ён у трыццаць дзевятым годзе ваяваў у Варшаве:

— Браткі, — гаварыў ён, — каб вы ведалі, што рабілася ў Варшаве, то яшчэ сёння пускалі б у ганавіцы са страху. Там немцы так бамбардавалі, такі быў гук і рык, што хоць прайшло сорак пяць год ад таго часу, а я ўсё яшчэ лекочу.1

Збавідоўцы слухалі і ніхто не смяяўся, а гэта значыць, што яму спачувалі, або мне, прадстаўніку Ваяводскага праўлення Саюза барацьбітоў за свабоду і дэмакратыю, хацелі паказаць, якія то героі ёсць сярод нас, а ўлады пра іх не дбаюць!

Пасля я даведаўся, што наш "герой" быў у Варшаве ўсяго тры дні. Вядома, што хапіла б часу, каб паспець пакласці галавой або быць параненым. Але каб пасля трох дзён дрыжэць сорак пяць год, а мо ён дрыжыць яшчэ да сёння, гэта звычайная мука. Я ўзяў ды й хуценька падлічыў: калі чалавек дрыжыць сорак пяць год па трох днях страху, то яму выпадае пятнаццаць гадоў на дзень, І, калі б абаронцы Варшавы былі такімі "героямі", як наш, то дрыжэлі б чатырыста дваццаць гадоў, а ленінградцы — трынаццаць тысяч пяцьсот. Гэта значыць, што дрыжэла б дзвесце дваццаць пяць пакаленняў рускіх. Радзіліся б пакаленні, дрыжэлі б і ніхто не ведаў бы, чаму...

1983 г.

Загрузка...