ЗАМАХОВЕЦ


Кім толькі ў жыцці я не быў, Божа мой! І Цвэлькам губатым быў, і Бэркам смярдзячым быў, варацілам, бурхлём, сычом, баструком, конскім лобам, бутлем, кердзялам, злодзеем таксама быў. А цяпер яшчэ і замахоўцам на старасць стаўся. Не верыце? Паслухайце.

10 лютага 1986 года было каля дваццаці градусаў марозу. Жонка прыімчалася з працы амаль плачучы, бо вельмі змерзла ў рукі. Убачыла, што я сабе сяджу ля стала і папіваю чай, і заплакала.

— Чаго плачаш, даражэнькая, — запытаў я, — мо цябе нехта пакрыўдзіў?

— Ты мяне пакрыўдзіў, бо сядзіш дома і нават хлеба не купіў на абед, а я ў рукі змерзла, як сука, ды й яшчэ, бегучы дамоў, грукнула аб лёд галавою! А той сядзіць сабе ў хаце і п'е чаёк, як нейкі шэйк!

— Даражэнькая мая, я толькі цяпер снедаю, а ты ўжо на абед прыперла?

— Снедаеш, бо ты ўжо згубіў пачуццё часу і не ведаеш, калі табе хочацца спаць, а калі есці. Я не раз чую, як сярод ночы ходзіш па кухні і халадзільнікам бразгаеш ды чай парыш, аж мне самой хацелася б папіць. Але ж ты не здагадаешся, каб мне падаць, толькі сам умінаеш. А пасля цэлымі днямі спіш, калі я на працы. Ого, я добра вас, чарцей ведаю. А ад чаго ў цябе жывот, як у котнае авечкі?!

— Слухай ты, стокілаграмовы заморыш, — адгрызаюся я, гавары, што цябе сёння ўкусіла: нехта на вуліцы пахваліў, ці шэф аблаяў? Ты ж заўсёды такая добрая і мілая жанчына.

— Будзь ты добрай, калі ў хаце нават хлеба няма!

— Ой, вялікая бяда! Зараз выскачу, ды й прынясу, — гавару, абуваючы чаравікі, а жонка адразу павесялела.

Пайшоў я ў суперсам, дзе купіў паў-хлеба звычайнага жонцы і палову буханкі "грахама" — сабе. Варочаюся назад і сустракаю свайго суседа Янку, якога таксама жонка паслала за хлебам. Мы на гэтым марозе пастаялі ўсяго толькі з гадзінку, ну, мо крышку больш, але не многа, бо нават добра не замерзлі. Праўда, што мы былі апрануты ў кажухі, шапкі-вушанкі і ў цёплыя чаравікі, але ўсё роўна...

Прыбег я дамоў, а мая з крыкам: "Што, мо скажаш, што за хлебам ў Орлю ездзіў?!"

— Чарга ў магазіне, хоць ты зракайся... Каб не тое, што табе хачу дагадзіць, дальбог не стаяў бы.

— Цяпер чарга ў магазіне? Ты мо з якою бабаю стаяў, ды й пляткаваў, а не ў чарзе за хлебам. Я ўжо, слава Богу, даўно цябе пазнала.

Я моўчкі павымаў з сумкі, але бачу нейкае дзіва: браў хлеб цёплы, а ён цвёрды бы камень, але ані слова, што ён змерз на косць. Каб услужыць жонцы, ўзяў і "адмучыў" лусту ад буханкі, але тоненькай мне не ўдалося — адрэзаў вясковую скібку, быццам бы не шкадуючы. Жонка скончыла падаграваць звараны мною суп і, наліўшы ў талерку, хацела есці. Толькі ўзяла на зубы прынесены хлеб, адразу енкнула ды схапілася рукою за рот.

— Што з табою, мілая, мо язык прыкусіла? Не хапай так!

— Ужо ж, той замаховец прыслужыўся, што я зубы паламала! Я сапраўды спужаўся, што мо паламала, але высветлілася, калі ўжо па-дабрэла жонка, што толькі адзін выламала, затое пярэдні. Нават кры-ўдна мне стала, што з-за аднаго жончынага зуба я стаў замахоўцам у яе вачах, замест падзякаваць мне, што цяпер будзе жалезны, значыць — вечны.

1986 г.

Загрузка...