Пусціў я цябе на званіцу а ты цяпер мяне "падгрызаеш". Хочаш мяне перавесці назад на "Трыбуну чытачоў". Чаму так хочаш, я не ведаю, але калі "звоніш", што я перастаў пісаць, значыць, прызнаеш мяне толькі на адзінаццатай старонцы. А мне ўсё роўна, на якой старонцы мяне друкуюць. Я ж не вінаваты, што мяне авансаваў галоўны. Калі ён пакіне працу ў рэдакцыі, то я не ведаю, ці хто іншы зможа са мною вытрымаць, ці захоча друкаваць мяне нават на дванаццатай старонцы. А ходзяць чуткі, ой ходзяць, што Юрка Валкавыцкі хоча нас пакінуць. Сёй-той па сакрэту шэпча мне, каб рыхтаваўся да функцыі галоўнага рэдактара, бо пакуль што лепшага кандыдата няма.
Я даўно ведаю, што створаны дзеля вялікіх спраў, але сам не дбаю пра гэта. Перад Х з'ездам БГКТ нават вераб'і чырыкалі, што я буду старшынёй Галоўнага праўлення, аднак я сам справу пакпіў: аднаму не падлізаўся бензінам, другому цялянцінай трэцяму гарэлкі не паставіў, а яшчэ іншага аблаяў ды публічна. Скарыстаўся ўсім гэтым Алесь Барскі, быццам бы яму было мала Варшаўскага універсітэта і таго, што з'яўляецца вядомым паэтам. Мне жонка не раз гаварыла: "Ты дурню калі хочаш быць кімсьці, то не глядзі на свае здольнасці, а жыві з людзьмі па-чалавечы. Замест з'яднаць людзей гарэлкаю, то нясеш у рэдакцыю гарошыну і дзеліш на чатырох! Ой чучала, ты чучала, твая скупасць давядзе цябе да таго, што людзі будуць цябе здалёк абыходзіць." І выкракала. Старшынёй мяне не выбралі і не ведаю ці па-ставяць галоўным "Нівы", бо хаця тэхнічныя працаўнікі рэдакцыі вельмі мяне хочуць бачыць на гэтай пасадзе, але рэдактары не, бо яны думаюць, што кожны з іх будзе галоўным. Каб ты Грыша, бачыў, як усе рэдактары мяне баяцца. Калі ўваходжу ў парогі рэдакцыі, то дзяўчаты адразу пытаюць, што я хачу з'есці, выпіць (у рэдакцыі ўсяго, колькі хочаш), а рэдактары хаваюцца ў сваіх кабінетах, як суслікі, ў норах, толькі дзверы тарахцяць. Яны думаюць, што мяне гэтым напалохаюць, адстрэнчаць ад рэдакцыйнае працы. Але я працы не баюся і ведаю, што мае поспехі не залежаць ад іх. Я сам вырашу, як мне быць. А пакуль што я заходжу ў рэдакцыю, пытаю ў Жэнечкі, ці няма нічога да подпісу. Яна, як заўсёды, ветліва адкажа, што "сёння няма". Скажу ёй пару заслужаных камплементаў, выходжу да пані Марысі. Там сабе пагутарым, гадзінку-дзве пасмяемся — і перабіраюся да рэдактара "Зоркі", пані Яніны, якая на мой від спыняе працу і адразу робіць каву. А ўжо, калі ёсць у рэдакцыі Вера, якая ведае, што на яе пасаду я не пайду, бо з карэспандэнтамі цяжка працаваць дык не можам развітацца. Калі б мне не трэба было рыхтаваць абеду, то мы сядзелі б да вечара.
Вось бачыш, браток, як я актыўна дзейнічаю. Акрамя таго, што вяду працу ў рэдакцыі сярод жанчын. А ты публічна гаворыш, што я перастаў пісаць! Бойся Бога, не гавары. А мо ты перастаў "Ніву" чытаць? Мо і ты, зямляк, пішаш адно, чытаеш другое, а думаеш трэцяе?