Прабачце мне, грэшнаму, за чужыя словы. Я іх не ведаю, як і многія з вас, але ж "аналогія", і "дэрматалогія", "псіхологія", "лапата-логія" ды іншыя логіі і бязлогіі страшэнна ўзвышаюць ранг пішучага. Ну, дык чаму і я не магу заваяваць у людзей пашану вучонага?
Магу — не магу, але хачу. Вось таму і пішу аналогію.
Гэта было даўно, яшчэ да ІІ сусветнай вайны. Малы хлопчык пільнаваў яшчэ меншых дзяцей. Аднойчы гэтыя дзеці, змораныя летняй спёкай і плачам (з голаду), падвечар заснулі. Заснуў і апякун каля іх. Сон яго быў баязлівы ("каб не злавілі"). Калі ён сарваўся са сну, бачыць, сонца ўзыходзіць. Валасы на галаве дыба сталі: што бацькі нанач не вярнуліся з поля (мо іх дзе ваўкі з'елі?), што свінням не даў, што цялятка галоднае. Божа, што рабіць?! Заплакаў хлопчык са злосці на сябе. Дзеці няхай спяць, а я насамперш курэй з сяней выганю, падумаў, нарву зеля цялятку, разраблю свінням баўтухі.
Выганяе з сеняў квактуху, а тая слухацца не хоча, галубіць пад крыламі сваіх жоўценькіх дзетак. Тады ён яе за крылы і за парог. А тая назад у сені прэцца. Хлопца такая злосць узяла, што гатоў забіць упартую квактуху.
У гэты час на панадворак укаціўся воз, якім Карузелік прывёз з поля бацькоў. Хлопчык уцешыўся, убачыўшы свайго любімца Карузеліка. Але ніяк не мог зразумець, чаму бацькі ў полі начавалі.
Убачыўшы вазню сына з курыцай, бацька крыкнуў:
— Нашто курку выганяеш з сыены, то ж вэчур?
— Я іе нэ выганяю, оно заганяю, мігом схлусіў вісус, бо здагадаўся, што заснуў. Дастаўшы аблупцоўку, як кожны дзень, упэўніўся, што не памыляецца. І ўсё стала нармальна.
1968 год. Беласток. Былы хлапчук стаў мужчынам і атрымаў тэлеграму: "Сустракай прыедзем 15 чэрвеня раніцай. Іван"
У вызначаны дзень былы хлапчук (цяпер мужчына) паехаў на станцыю сустракаць гасцей. Выйшлі яны (муж з жонкай) з цягніка "падкошаныя" і замест гарачага прывітання горача мацюкаюць цягнік: сабатаж, спазніўся на цэлыя суткі!
— Не, Ваня, сёння цягнік прыехаў згодна з раскладам.
— Ну, што ты, дурня з мяне строіш. Цягнік спазніўся. І куды больш, чым на суткі!
— Што з табою, Ваня? (А ён, Ваня з жонкай пад "мухай").
— Як гэта што? Меў прыехаць учора раніцай, а прыехаў сёння вечарам!
Чалавек бачыць, цяжка будзе з госцьмі дамовіцца прапануе:
— Сядайце ў машыну, паедзем дадому, а то я спазнюся на работу.
— А ты што, сёння працуеш на другую змену?
— Не на першую.
— Дык як у вас працуюць? Ідзеш да працы нанач, а гаворыш, што на першую змену.
— Пабудзеш — пабачыш.
Завёз гасцей дадому, даў па чарцы спірту і паехаў да працы. Вечарам вярнулася з працы мая жонка (бо гэта было ў мяне), вярнуўся і я, а госці зразумець не могуць: вечарам прыехалі і цяпер зноў вечар?! Мы з жонкай хахочам, а яны пакрыўдзіліся.
Чэрвень, 1981 г. Чэхаславакія, Нашы будуюць электрастанцыю. Гадзіна 2000. Праз будаўнічую плошчу ідзе чалавек у касцы, які павінен сцерагчы галоўны ўезд. Глядзіць на свой гадзіннік і звяртаецца да мяне:
— Пане, колькі гадзін, бо хіба мой гадзіннік стаіць?
— Восем трыццаць, — адказваю.
А той раптам пачынае мацюкацца.
— Што здарылася? — цяпер я пытаю.
— Не, нічога, гэта наша ўнутраная справа, — адказвае.
— Унутраная, дык унутраная, — кажу, — але мо трэба вам у нечым дапамагчы? Вы так нервуецеся...
— Як тут спакойным быць, восем трыццаць, а змены няма. Павінна быць а сёмай! Што сталася, к... маць?
— А што вы змяняецеся вечарам? — пацікавіўся я, ведаючы, што змяняюцца раніцай.
— А што цяпер вечар? — пачырванеў член Службы аховы маёмасці.
— Ага! — засмяяўся я, здагадаўшыся, у чым справа. — Вечар, але наступнага дня — вы былі ў летаргіі.
— Што вы гаворыце, што здарылася?
— І здарылася тое, што ўсе выехалі на радзіму, а вас не маглі дабудзіцца.
Чалавек зразумеў, што жартую. З аблягчэннем вылаяўся ды пайшоў і ўключыў асвятленне дарожнага шлагбаума.
Вось вам і аналогія. Толькі цяпер за гэта не б'юць, а грошы плацяць. Малы заснуў змучаны і галодны, а Ваня ў Беластоку і рабочы ў Чэхіі напіўшыся страцілі пачуццё часу.
1981 г.