Гаворыш, сына ў армію бяруць? Гэта найлепшае, што магло з ім здарыцца. Толькі п'е і за дзеўкамі ганяецца, бы кот за вераб'ямі. Яшчэ, чаго добрага, у суд пападзе і будзеш плаціць за яго аліменты. Добра, калі толькі адной, а што, як давядзецца тром, чатыром?.. Якія цяпер дзяўчаты? Як не ведае, з кім зацяжарыла, то чапляецца найпрыгажэйшага хлопца. А твой жа прыгожы. Што ён гультай, п'яніца і жулік — ёй напляваць, добра, што прыгожы. Дасць яго прозвішча свайму дзіцяці. Плаці, калі дурны...
Чаго ж ты плачаш, думаеш, у войску ён згіне? Не, гультаі ўсюды маюць шчасце. Павер мне. Я ж, брат ты мой, камандаваў цэлым аддзяленнем. А аддзяленне — не пузаты Мікіта, якога водзіш за нос. Яно складаецца з розных салдат. А чаму ты так баішся, каб не трапіў у пяхоту? А хто табе, баба, сказаў, што ў пяхоце дрэнна? Пяхота — гэта багіня палёў, ёй усё падпарадкоўваецца. Калі пяхота скажа бамбіць — бамбяць, калі скажа страляць з гармат — страляюць з гармат. А клопатаў ніякіх. Артылерыст мусіць дбаць пра гармату, каб была чыстая і спраўная, танкіст — пра танк, каб меў гаручае і гусеніц не пагубіў. Не гавару ўжо аб пілотах, якія мусяць Усё ўмець, усё бачыць.
А пяхота? Ведай толькі: добра пад'еў, прыгожа памаршыраваў ды спяваў. А ты, дурная, плачаш па сваім гультаі. Крыжык яму на дарогу! У войску хоць навучыцца пасцель у парадку трымаць, а то спіць, як ў бярлозе, нават ног не мые. Там і ўначы мусіць ногі мыць, бо дзяжурны правярае. Ого, брат ты мой, колькі разоў я па-за чаргой калідоры мыў праз гэта. Але двух лычкаў дабіўся, не думай. Ён не даробіцца нічога, бо гультай. Але няхай паспрабуе вайсковага хлеба.
А калі б трапіў у маракі — гаворыш? Ну, дык што ж. Там, думаеш, нашы не служаць, там толькі марсіяне, ці што? У маракі пападае — пешшу хадзіць не будзе. Там толькі ведай, палубу мый, матроскія катлеты ўмінай і спі ў гойданцы. Нават піць гарэлку можаш. Чаго вочы вырачыла? Можаш піць колькі душа хоча, бо і так усе там ходзяць хістаючыся... О, каб мой ішоў, то было б шкада, згіне. У маці ўдаўся. А, з другога боку, добра было б, каб гада ўзялі, бо даўжэй не вытрымаю, выцвярэзнік за абармота не пад сілу плаціць. Але не возьмуць каму такое цяля патрэбнае, мармытаў адстаўны капрал, сядзеўшы ў пасцелі і здымаючы чаравікі.
Суседка ўжо яго не чула, бо пайшла дамоў, сказаўшы: "спакойнай ночы!"
1983 г.