Быў я на Ганну ў Старым Корніне і наглядзеўся ды наслухаўся. Калісьці на свята прыязджалі на драўляных вазах, пазней грукалі жалезнякамі. Моладзь ішла пешкі, толькі багацейшыя ганарыліся веласіпедамі. Сяляне з зайздрасцю гаварылі: "О, бачыш, якога Грыша "лісопеда" купыў". Цяпер самыя бедныя прыязджаюць на одпуст матацыкламі, а за фіятамі, шкодамі і іншымі маркамі самаходаў цяжка вуліцу перайсці. Я са сваёй сірэнкай саромеўся паказвацца, але пераканалі мяне сваякі, што пастаўлю недзе на скраі вёскі пад плотам, у цені шырокай ліпы, то ніхто на яе ўвагі не звярне. Так я і зрабіў.
А які то дурны злодзей цяпер пойдзе пешкі, як даўней, перад вайной або пасля яе? Даражэнькія, прыйшоў час, што зладзеі на сірэнкі і глядзець не хочуць. Часам толькі нейкі валакіта каўпакі пазрывае з колаў, але ж гэта не злодзей, навічок. Або той, што в Карыцісках "Іжа" ўкраў, гэта злодзей? Гэта проста самазванец! О, няхай грабавецкія людзі раскажуць, якія да іх зладзеі прыязджаюць, аж хочацца паслухаць. Дагэтуль, значыць, у Грабавец на горшым, чым "Фіят-125", ніхто і не паявіцца. Не верыце? Ей-богу, праўда!
Паміж залацістым збожжам сцелецца стужка асфальтавай шашы, па якой урачыста рухаецца "Фіят-125" яснага колеру. З боку Гайнаўкі ў напрамку Кляшчэляў. Затрымаўся ў пачатку вёскі. Выйшлі з яго дзве маладыя жанчыны і пайшлі ў вёску "калядаваць" па хатах з "загранічнымі" блузкамі. Мелі іх, праўда, па адной, але ж гэта ўжо пропуск у хату. Уваходзілі на панадворак і пыталі, ці ёсць хто ў хаце. Калі заставалі кагосьці, прапанавалі прадаць блузку, але цану вызначалі такую, што ніхто блузак і ў рукі не браў. А калі нікога не заставалі, уваходзілі таксама, але з мэтай праверкі, ці не забагаты гаспадар. Правяралі шафы і іншы шафачкі. Знайшоўшы каштоўнасці і грошы, канфіскавалі.
У той час мае сваякі Іван з Гандзяю і Полік з Ганнаю касілі жыта. Іван з Гандзяю над шашою, а Полік з Ганнаю ля гасцінца, які вядзе да шашы, значыць у сябе за стадолаю. Усе яны глядзелі, як на шашы памаленьку шпацыраваў ясны фіят. Іван надта любіць жарты і да жонкі кажа: "Дывысь, Гандзя, комусь надоело сыдыеты за столом у бюрові, то прыехаў побачыты господарскім оком, як мы тут справляемся". У той самы час Полік да Ганны: "Бач, халера, чоловіек працуе, аж пуот очы залівае, а якійсь гультаіско собіе по шосые спацэруе і то шчэ самоходом, коб ногі нэ заболіелі".
"А шчо такому пановы, — прадаўжала Ганна, — вуон мае самоход, то собіе йездыт. У ёго ужэ нэ туолькі скошанэ, але і спэчанэ. Вуон мае ўсё готовэ, нэ так, як мы, мужыкі".
Пагаварылі сабе і далей спяшалі, каб як найбольш выкасіць і звязаць, пакуль добрае надвор'е. А аўтамашына далей сабе шпацыравала.
Праз нейкі час у канцы вёскі, дзе жыве Полік з Ганнаю, вышлі на гасцінец дзве жанчыны, якія ў руках "пруцалі" цяжкія клункі. Ішлі яны ў напрамку шашы. Полік да жонкі кажа: "Бачыш, ты нарыкаеш, шчо тяжко працуеш, а ім заробляты на хлеб, думаеш, лёгко? Воны мусят таксамо намордоватысь, коб меты за шчо купыты йесты. То нэ той лодар, шчо самоходом йездыт і прыглядаецца, як другі трудяцца".
"Бабы, давайтэ я вам помогу нэсты, бо віетэ аж попотьелі, двыгаючы багаж", — сказаў Полік. "Просім, калі вы такі добры", — згадзіліся жанчыны і аддалі яму па адной пачцы. Полік данёс пачкі да шашы і, атрымаўшы падзяку, вярнуўся да касы. Да жанчын з-за горкі пад'ехаў фіят, глытнуў іх і дадаў газу, што толькі пыл стаў стаўбом за ім. Шлюбныя пары здагадаліся, у чым справа і хутчэй пабеглі дамоў, каб праверыць, што згінула.
Цяпер Іван кажа Поліку, што хаця свайго дабра не памагаў несці, як ён, а Полік адгрызваецца, што гэта было дабро Івана, бо ў яго забралі ўсяго пару кап, пару штук іншай вопраткі і дзесяць тысяч злотых, а грошы насіць не цяжка.
1977г.