Паважаная Рэдакцыя, жыццё падкінула мне тэму, а вось не магу прыдумаць загалоўка. Думаў, думаў, галава трашчыць, але нічога цікавага ў мой гарбуз не прыходзіць. Дык вырашыў сказаць, што хачу, а загаловак прыдумайце самі.
Калі чалавек жыве сярод кветак і раптам пападзе на пустыню, тады адчуе прыгожасць іх. І так ёсць з іншымі справамі. Людзі прывыкаюць да чагосьці, абжываюцца з асяроддзем і ім здаецца, што так і быць павінна, каму з нас прыйшло б у галаву, напрыклад, перад уездам у вёску Грабавец (не гавару ўжо аб Беластоку) паставіць табліцу з надпісам "У нас не кураць", або мыць гародніну.
Аднойчы спрачаўся я з суседам аб адносінах прадаўцоў да пакупнікоў, і той прыціснуў мяне такім аргументам: "Калі я ездзіў па Латвіі, то бачыў, што там усюды агародніна памытая так дакладна, што можна адразу класці ў гаршчок". Пачуўшы такое, пачаў я прыглядацца да нашай гародніны ў прадаўцоў. Толькі цяпер зразумеў цану зямлі. Пагоня за грашыма давядзе да таго, што хутка астанёмся без верхняга тлустага слоя нашай карміцелькі.
Паслала мяне жонка купіць цыбулі. Абыйшоў я ўсе ларкі, а цыбулі не прыкмеціў. Вярнуўся дамоў і гавару, што цыбулі няма.
— Як гэта няма?
— А вось так, няма і ўсё. Бачыў буракі, слівы, фасолю, а цыбулі не бачыў.
— А ты сам не глядзі, бо ты нічога не бачыш, акрамя спаднічак, спытай ці ёсць цыбуля. І апрача таго купі гародніну, бо ж заўтра трэба гарохавы сып зварыць — госці прыйдуць, чым пачастуеш?
Спярша я ўскіпеў, што жонка будзе гарохавым супам гасцей прымаць, але пасля падумаў, што госці з прыемнасцю з'ядуць, бо ў іх усё толькі шынка, ды саламі.
Хоць надуты, але ўсё ж я пайшоў у бліжэйшы "зеленяк". Над галовамі доўгай чаргі пытаю: "Цыбулю і гародніну дастану?"
— Оўшам.
Заняў я месца ў чарзе і давай замятаць вачыма ларок. Гародніцы не відаць. Стаіць многа драўляных скрынак і ў іх ляжаць грудачкі зямлі, але што гэта за грудачкі?...
Дайшла мая чарга — прашу пятрушку. Дзяўчына кладзе на вагу падоўжны кусок зямлі. Прашу селера, дзяўчына важыць кругленькі камок чарназёму. У цыбулі толькі хвасты відаць.
Прынёс усё гэта дамоў, упэцкаўся мыючы, упэцкаў ракавіну і вядро, а як абабраў, то аказалася, што ледзь хопіць на чатыры талеркі гарохавага супу. Ну, які тут даць загаловак?
1980 г.