У апошнія гады сняцца мне нейкія дзіўныя сны. Калі яны збудуцца, не адзін з вас будзе стаяць перада мною навыцяжку, а ворагі, убачыўшы мяне здалёк будуць шапкі здымаць ды нізка кланяцца.
Вось толькі выбраныя падзеі, якія мне давялося перажыць у сне.
Глухая вёска. Жыву ў маленькай хатцы. Корпаюся на кволенькай гаспадарцы, каб здабыць кавалак хлеба; мне дабро не цячэ, як тым, што ў высокіх крэслах, а толькі капае, і то ледзь-ледзь. Ажно, бачу, заязджае на панадворак брычка. Выходзіць з яе мужчына ў чорным фраку, за ім — стангрэт. Ідуць у мае нізенькія парогі.
Увайшоўшы ў маю хатку, пакорна пакланіліся. А па вачах відаць, злыя што перад мужыком хрыбты свае гнуць. Аддаўшы пашану, пачалі ўслужліва гаварыць на нейкай чужой мове, якую бадай, не ведае нават сам Васіль Сапёлка. І паказваюць жэстамі, каб я прыбраўся, памыўся і прыгожа адзеўся. Я адказваю, што не буду ні брыцца, ні мыцца і нікуды не паеду, бо суседу трэба парсюка закалоць. Але яны, відаць, атрымалі загад: "даставіць жывога", не слухаюць нават майго тлумачэння. Узялі мяне на рукі, нібы караля, занеслі ў брычку і па конях.
Завезлі мяне ў Бразілію. Божа думаю, я яшчэ не быў далей Дубічаў Царкоўных, а тут раптам Бразілія. Але нікога тут мае думкі не цікавяць. Самі абрылі мяне, памылі (хоць і брыкаў) занеслі ў вялікую залу, у якой сядзела ўся бразільская арыстакратыя, бюракратыя, тэхнакратыя і яшчэ нейкая плутакратыя.
Устае з чырвонага глыбокага крэсла пузач і звяртаецца да мяне на грабавецкай мове, што Бразілія жадае, каб я стаў яе прэзідэнтам. Гавару ім: "Як можа быць прэзідэнтам чалавек які па-бразільску нават не кумекае?".
— А на чорта вам ведаць нашу мову, калі ў вас будзе цьма дарадчыкаў і перакладчыкаў. — Гаворыць пузач і накладае на мяне белую, бы крэйда з Мельніка, кашулю і чорны касцюм.
Я прачнуўся мокры.
Прыйшлі да мяне два міліцыянеры і гавораць, каб я па-святочнаму апрануўся і ехаў з імі ў Варшаву.
— У Варшаву? — здзіўляюся. — А чаго я там не бачыў!
— Я б на вашым месцы на крылах ляцеў, — адазваўся старшы чынам.
— То ляціце, — кажу, — а мне дайце спакойна пакарыстацца рэнтай старога партфеля і ў "Ніве" дарабляць, мне хопіць.
Але дзе там, і слухаць не хочуць. Бэфэль Іст бэфэль, як гавораць туркі.
Еду з імі ў Варшаву, а там проста ў Бельведар. Толькі ўвайшоў ў палац — трапляю ў абдымкі прэзідэнта. Так прыціснуў, што аж дух забіла. Калі я аддыхаўся, прэзідэнт пасадзіў мяне побач сябе і давай загаварваць зубы: які я таленавіты і прыгожы. А я саромеюся і не магу зразумець, куды ён гне. Прэзідэнт глянуў на гадзіннік і кажа: "Мы вырашылі даверыць вам дыпламатычную місію. Паедзеце нашым паслом у Токіо".
— Божа, — кажу, — таварыш старшыня... — Тут я кусаю язык, што адазваўся, як да Самоціка, і папраўляюся:
— Таварыш прэзідэнт, я не магу быць паслом у Японіі, бо там гейшы і яны па-нашаму не разумеюць.
— Вы пакіньце гейшаў у спакоі, — кажа прэзідэнт, — аб іх паклапоцяцца іншыя. Вы падрыхтуйце грунт для нашай дэлегацыі.
Ён гаварыў, а я мазгаваў, як ад гэтага ўсяго выкруціцца. Яшчэ не хапае таго, думаў, каб і абавязалі мяне да японскай працавітасці.
І я прачнуўся ў дрыжыках.
Прыснілася мне, што трэба здаваць нейкі важны экзамен. Няхай іх халера! — падумаў я. — Колькі я буду здаваць тыя экзамены. Ужо ж я стары. Але сілаю вядуць мяне да нейкай лабараторыі, саджаюць на цвёрдае крэсла ды ў рукі ўціскаюць тоўстую кнігу з рознакаляровымі геаметрычнымі фігурамі. Кажуць гартаць кнігу і хутка гаварыць, што бачу.
— Хочаце паслаць мяне ў касманаўты? — пытаю.
— Не, хочам вас даць на найлепшую пасаду, — кажуць.
— Адкуль жа гэта экзаменуюць перад павышэннем? — не здаюся.
— Не спрачайцеся з намі, — кажуць.
— Цяпер трэба ведаць праблемы...
"Божа, думаю, хто ім данёс, што я ведаю праблемы?" Але экзаменатары не даюць корпацца ў сваіх думках, няма часу, чытайце!
Колеры то я адгадаў добра, лісткі кніжкі толькі свісталі перад вачыма, а вось на фігурах зацінаўся. Урэшце пажылая жанчына сказала, што ў мяне вочы скошаныя.
— Сядайце сюды, — загадала, — і паказала на крэсла, што стаяла ля велізарнай шафы. — Калі ўбачыце, што загараюцца лямпачкі, адразу гасіце іх, прыціскаючы, адпаведную кнопку.
Ох і пацеў я, гуляючы з лямпачкамі, аж чорцікі пачалі скакаць перад вачыма. Не удалося згасіць у час ніводнай. Ну, думаю, выбяруць. Усе гараць, а нам гэтага і трэба, каб было многа энергіі і цяпла. Пот з носа капае, а я чакаю рашэння пажылой. Тая, параіўшыся з калегамі кажа:
— Вы ўжо прэзідэнт!
З жахі я грукнуў з ложка (аж у суседзяў рэха адбілася). Прачнуўся і думаю: "Слава Богу, што гэта толькі сон".