КАЛІ ДУМАЕ СЭРЦА


Праз апошнія сорак пяць гадоў здавалася мне, што няма ў свеце больш дружалюбных краін, чым Польшча і Савецкі Саюз. Так было прынамсі на дзяржаўна-партыйным узроўні і ў афіцыйнай прапагандзе. Зараз сітуацыя дыяметральна адмянілася. У запале нармалізацыі польска-савецкіх адносін і адфальшоўвання навейшай гісторыі крытыкуецца літаральна ўсё, што пахне "саветамі".

Ад нядаўняга часу аб'ектам такой крытыкі ў сродках масавай інфармацыі стаў савецкі падарунак польскаму народу — Палац культуры і навукі ў Варшаве. Калі я гэта чую, дык са злосці хочацца біць па мордзе першага лепшага прахожага, хаця ён Богу душу віна-ваты. А найбольшую прэтэнзію маю я да кіраўнікоў Савецкага Саюза за тое, што не думалі галовамі, а сэрцам, і за тое, што выконваючы "інтернаціональный долг" дбалі пра іншых, а не пра свой народ.

Тут справа не толькі ў Палацы, які Сталін падарыў "братняму польскаму народу" як доказ "сімпатыі і вечнай дружбы". Справа ў тым, што зараз вакол Палаца робяць палітыку ўжо і не такую брацкую, а наадварот, накіраваную супроць Савецкага Саюза. Польскае грамадства, нават яго частка, нескажоная антысавецкасцю, пачынае верыць сённяшнім прапагандыстам, што гэты аб'ект сапраўды нічога добрага Польшчы не прынёс.

Ці гэта праўда? На маю думку, не!

Калі быў падпісаны дагавор аб пабудове Палаца культуры і Навукі, савецкія ўлады вырашылі перш за ўсё пабудаваць у разбуранай Варшаве пасёлак для сваіх рабочых. Такім чынам, на Ялёнках за савецкія грошы, машынамі і рукамі савецкіх рабочых узведзены былі жылыя дамы, сталовыя, крамы, кіно, бібліятэкі, святліцы.

"Саветы" пабудавалі Палац і паехалі дамоў, пакінуўшы ў Варшаве сваю працу, пот і сэрца. У пасёлку Ялёнкі размясціліся студэнты.

Палац культуры і навукі выкарыстоўваецца згодна з яго прызначэннем. У ім аднак толькі канференцыйных залаў трынаццаць, басейн, кінатэатры, музей тэхнікі, рэдакцыя, многія інстытуты Польскай акадэміі навук і гэтак далей. Усіх устаноў, якія тут размясціліся, я не ў стане пералічыць. Аднаго толькі не хапае — удзячнасці. Але ці ж гэта навіна? У час другой сусветнай вайны, калі Варшаву вызвалілі савецкія войскі, праз нашую Чаромху ішлі цягнікі з вагонамі, загружанымі пшаніцай. Калі я запытаў савецкага вартавога, куды вязуць гэтую пшаніцу, той са злосцю адказаў:

— Ваших надо выкормить, а свои пусть подыхают от голода.

А адбудова мастоў і дарог, размінаванне гарадоў?.. Аб гэтым зараз усе маўчаць, быццам вады ў рот набраўшы.

Загрузка...