МУЖЧЫНЫ, ЗАПУСКАЙЦЕ БАРОДЫ!


Жыву ў людным месце Беластока, многія людзі ведаюць мяне. І я іх. Ведаю? "Добры дзень! Што чуваць?" На гэтым наша знаёмства канчалася.

Штосьці мяне спакусіла выгадаваць бараду. Выгода! Не трэба кожны дзень драць шчокі брытваю, не трэба выдаваць грошай на лязо, крэм і ваду "пасля брыцця". Ашчаднасць. Але найбольш карысная справа: мая пяцідзённая барада ўсіх цікавіць. Цяпер кожны сусед пытае, як расце барада, ці не свярбіць. Ды і пахваліць: "Будзе густая, прыгожая". Суседкі у сваю чаргу, усміхаюцца да мяне і нават на каву запрашаюць. А адна сёння сказала, што цяпер я крыху падобны на мужчыну і дадала, нібыта мімаходам, што маглі б паехаць маёй сірэнкай у лес на грыбы.

Сірэнку маю ўжо даўно, але такой прапановы не меў. Аказваецца, мая барада больш вартасная, чым сірэнка і я — без барады.

Я ўсё жыццё здагадваўся, што мне чагосьці не хапае, але не ведаў чаго бо меў пакрысе ўсяго, што павінен мець сякі-такі мужчына. Цяпер ведаю: не хапала мне барады.

Барада — гэта магічны дадатак да мужчыны. Ужо шэсць дзён гадую бараду і яшчэ ні разу з жонкай добра не пасварыўся. Крыху чапляецца. Нічога не раблю, кажа, толькі перад люстэркам бараду гладжу. Учора нешта пра Харошчу напамінала, але калі ўбачыла, як задрыжалі мае губы, адразу пачала хадзіць на цыпачках.

Заўсёды, прыйшоўшы з працы, толькі пераступіць парог, верашчыць: "Есці хачу!" А сёння ўвайшла і гаворыць: "Вася што будзем есці? Скажы, я раз-два прыгатоўлю" Ды адразу ўзялася абіраць бульбу. А дагэтуль усё гэта рабіў я. У пятнаццаць нуль-нуль быў на стале абед.

І пачала мяне лепш апранаць! На шпацыр выводзіць і марожанае купляе.

Мужчыны, гадуйце бароды! Яны вас не толькі ўпрыгожаць, але дапамогуць лягчэй жыць. Напрыклад, хто калі зверне на вас увагу ў чарзе па шынку? А сёння селядцоў купіў я без ніякага ўсяго. Калі толькі паявіўся ў магазіне, прадаўшчыца пабялела і дрыжачым голасам сказала: "Грамадзяне, прапусціце хворага чалавека".

Грамадзяне моўчкі расступіліся, і я купіў селядцоў.

Толькі канчаў сваё апавяданне, як прыперла з працы жонка і ад дзвярэй пытае: "Вася, як ты сябе адчуваеш? Мо б ты схадзіў да доктара?"

"Да якога доктара, калі ў мяне толькі зубы баляць", — здзівіўся я. Бачыце, як клапоцяцца пра мужа. А ўсё з-за барады.

1979 г.

Загрузка...